СУСВЕ́ТНЫ САВЕ́Т ЦЭ́РКВАЎ (ССЦ; World Council of Churches),

міжнародны цэнтр экуменічнага руху (гл. Экуменізм). Засн. ў 1948 на 1-й Генеральнай асамблеі ССЦ у Амстэрдаме як аб’яднанне 3 пратэстанцкіх рухаў («Вера і парадак», «Жыццё і дзейнасць», «Міжнародны місіянерскі савет»). Рэзідэнцыя ССЦ у г. Жэнева. Мэта ССЦ — садзейнічанне збліжэнню хрысц. цэркваў у пытаннях веравызнання. На асамблеях ССЦ распрацоўваецца агульная хрысц. праграма, накіраваная на сац. і эканам. пераўтварэнне свету, абмяркоўваюцца глабальныя праблемы чалавецтва і шляхі выхаду з сац.-эканам. і экалагічнага крызісаў. ССЦ аб’ядноўвае больш за 300 рэліг. аб’яднанняў са 100 краін свету. У яго склад уваходзяць пратэстанцкія і правасл. арг-цыі, у т. л. Руская праваслаўная царква (з 1961).

т. 15, с. 289

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)